Пачатак
9 жніўня 2020 года каля афіцыйнай Амбасады Рэспублікі Беларусь у Аўстрыі стаяла вялікая чарга. Шмат людзей, якія прыйшлі ў дзень выбараў прэзідэнта Беларусі выканаць свой грамадзянскі абавязак, не маглі трапіць у пакой для галасавання. Незнаёмыя да гэтага беларусы, пачалі размаўляць і аб’ядноўвацца, каб вырашыць праблему доступу ў амбасаду. Для большасці стала відавочным, што амаль усе збіраюцца аддаць свае галасы за апазіцыйнага кандыдата Святлану Ціханоўскую. Гэты летні дзень, які быў паваротным для сучаснай Беларусі, можна таксама лічыць пачаткам пратэснага руху беларусаў у Аўстрыі.

Аб’яднанне
У Аўстрыі жыве каля дзвюх тысяч беларусаў. Так паводле афіцыйных статыстычных лічбаў у 2016 годзе Аўстрыя налічвала 1,700 жыхароў, якія нарадзіліся ў Беларусі. Вельмі доўга беларусы амаль не вылучаліся ад большасці насельніцтва, якая прыехала з краін былога Савецкага Саюзу і якую мясцовыя жыхары Эўропы называюць “рускія”.
Час пасля выбараў, калі навіны з Беларусі апынуліся на першых старонках аўстрыйскай прэсы, і калі сэрца кожнага беларуса калацілася ад жаху і страху за блізкіх, якія жывуць там, стаў часам вялікіх змен. Перш за ўсё, беларусы ў Аўстрыі пачалі яднацца, шукаючы адно аднаго ў сацыяльных інтэрнэт-суполках. Доўгіх размоў і разважанняў амаль не было. Хутка ствараліся новыя таварыствы, людзі дзяліліся інфармацыяй, арганізоўвалі акцыі, сустрэчы з палітыкамі і журналістамі, збіралі грошы каб дапамагчы тым, хто апынуўся ў бядзе, рабілі відыя-звароты з патрабаваннямі спыніць палітычныя рэпрэсіі, пісалі лісты і падпісвалі петыцыі. Гэта быў час жаху і болю, але таксама незвычайнага пад’ёму, сілы і захаплення ад пачуцця яднанасці і надзеі.
Усе заўважылі, як змяніліся адносіны аўстрыйцаў да беларусаў. Зараз, калі хто-небудзь называе Беларусь як краіну паходжання, то звычайна чуе словы захаплення і падтрымкі. Такія змены адбыліся ва ўсім свеце, і можна казаць, што беларусаў стала намнога больш за кошт беларускіх дыяспар.

Візіты лідараў беларускага пратэснага руху ў Вену
Вельмі важнай падзеяй для беларусаў Аўстрыі быў афіцыйны візіт Святланы Ціханоўскай у Вену, які адбыўся 5-6 лістапада 2020 года. Яна сустрэлася з канцлерам Аўстрыі Зэбаст’янам Курцам, з прадстаўнікамі АБСЕ і паўдзельнічала ў круглым стале, ініцыяваным арганізацыяй ICEUR, аб арганізацыі перамоў у Беларусі і дапамогі пратэстоўцам.
Нягледзячы на напружанне пасля тэрарыстычнага акту ў сталіцы Аўстрыі, які адбыўся 3-га лістапада, і пачатак каранцінных мер супраць каронавірусу COVID-19, 6-га лістапада шмат беларусаў прыйшло ў цэнтр горада на плошчу Марыі-Тэрэзіі каб сустрэцца з лідарамі беларускай апазіцыі: Святланы Ціханоўскай, яе дарадцам па міжнародных справах Франакам Вячоркай, выканаўчым сакратаром Каардынацыйнай рады Іванам Краўцовым і Веранікай Цапкала. У кожнага была магчымасць пагутарыць з вядомымі палітыкамі і атрымаць адказы на хвалюючыя пытанні. Святлана Ціханоўская заклікала прысутных да салідарнасці і аб’яднання: «Памятайце, толькі разам мы зможам пабудаваць краіну для жыцця».
У другой палове студзеня 2021 года ў Вене знаходзіўся кіраўнік Народнага Антыкрызіснага Кіравання Павел Латушка. Ён правёў кансультацыі ў Вене, дзе сустрэўся з прадстаўнікамі Кабінета прэзідэнта Аўстрыі, Міністэрствам Замежных Спраў Аўстрыі і міжнароднай перамоўнай платформы ICEUR.

Матэрыяльная дапамога
Увосень 2020 года пачаўся збор сродкаў каб дапамагчы ўцекачам з Беларусі, якія апынуліся ў польскім горадзе Лодзь. Большасць з іх з’язджалі з роднай краіны раптоўна, часцей за ўсё нават не маючы магчымасці ўзяць рэчы першай неабходнасці. Таму для ўцекачоў былі сабраныя цёплая зімовае адзенне, хатні посуд, бялізна, мабільныя тэлефоны і ноўтбукі, а таксама грошы, каб было чым заплаціць за памяшканне і ежу. Былі падрыхтаваныя калядныя падарункі для польскіх валанцёраў, якія 24/7 дапамагаюць ачуняць беларускім уцекачам, нястомна клапоцячыся аб іх стане. Таксама шчыры падарунак аўстрыйскіх прысмакаў для Лодзі зрабіла кампанія “Manner”.
4-га снежня з Вены ў Польшчу паехала машына са старанна спакаваным напярэдадні ўвечары грузам, каб нічога не пашкодзілася ў доўгай дарозе. А ў студзені беларусы ў Аўстрыі атрымалі падарункі з Лодзі, як падзяку за клопат і падтрымку.

Адкрыццё Народнай Амбасады Беларусі ў Аўстрыі
Спачатку была сфарміраваная валанцёрская група Народнай Амбасады Беларусі ў Аўстрыі. Гэта адбылося 20 снежня 2020 года. Паступова з гэтай групы склалася моцная каманда, маючая ідэі і гатовая ўкладаць у праект шмат сіл і энергіі, таксама заўсёды адкрытая каб прыняць новых валанцёраў. У выніку 6 лютага ў рамках канферэнцыі, прысвечанай міжнароднаму Дню Салідарнасці з Беларуссю, адбылося афіцыйнае адкрыццё Народнай Амбасады Беларусі ў Аўстрыі.