Жаночы твар беларускіх пратэстаў

Source: ТК/Belsat.eu

Беларускія пратэсты былі ў цэнтры асаблівай увагі падчас святкавання Міжнароднага жаночага дня 8 сакавіка, таму што менавіта жанчыны апынуліся ў першых радах гэтых пратэстаў.

Летам 2020 года, калі ў Беларусі праходзілі прэзідэнцкія выбары, жорсткая і бязлітасная дыктатарская сістэма Беларусі паралізавала палітычную апазіцыю. Нязгодныя падвергліся збіццю і здзекам, а мужчыны-лідары апынуліся за кратамі. У гэты трывожны час цемры і адчаю на вуліцы беларускіх гарадоў выйшлі жанчыны ў белых вопратках з кветкамі ў руках, проціпастаўляючы гвалту прыгажосць, дабрыню і любоў.

У супрацьстаянні, якое працягваецца, нелегітымная ўлада Беларусі не лічыцца з неабароненасцю і слабасцю жанчын. Так лічба З5,000 чалавек, затрыманых пад час пратэстаў, уключае некалькі тысяч жанчын. Сярод іх – палітыкі і праваабаронцы, спартсменкі, былая Міс Беларусь, замежныя грамадзянкі з беларускімі каранямі, журналісткі і актрысы, жанчыны з інваліднасцю і хранічнымі захворваннямі, а таксама жанчыны, у якіх ёсць малыя дзеці. У турме іх трымаюць у невыносных умовах і ніхто не клапаціцца, каб забяспечыць меры бяспекі супраць COVID19, нягледзячы на сур’ёзную сітуацыю распаўсюджання віруса ў краіне. У цяперашні час міжнародныя арганізацыі прызнаюць 38 жанчын Беларусі палітвязнямі.

Тры жанчыны, узначаліўшыя беларускі пратэст

Source: Василий Федосенко / Reuters

Тры жанчыны – Святлана Ціханоўская, Марыя Калеснікава і Вераніка Цапкала, якія прадстаўляюць тры апазіцыйныя сілы краіны, аб’ядналіся і ўзначалілі беларускі пратэст. Яны атрымалі прэмію «За свабоду думкі» імя Сахарава ў 2020 год і былі вылучаныя на Нобелеўскую прэмію міру.

Дзве з трох жанчын, Святлана Ціханоўская і Вераніка Цапкала былі вымушаныя з’ехаць з краіны. 7 верасня 2020 года Марыю Калеснікаву таксама спрабавалі сілком вывезці з Беларусі, але яна не дазволіла гэта зрабіць, разарваўшы на мяжы свой пашпарт. З гэтага часу яна знаходзіцца за кратамі. Але для ўлады недастаткова арыштаваць жанчыну, карнікі спрабуюць адабраць у Марыі яе апошняе права, права на абарону. 19 лютага 2021г. была пазбаўлена ліцэнзіі яе чацвёрты адвакат Людзміла Казак. Тры адвакаты, якія абаранялі Марыю Калеснікаву раней, таксама трапілі пад рэпрэсіі: Максім Знак і Ілля Салей былі арыштаваны, Аляксандра Пыльчанку пазбавілі ліцэнзіі. Марыя Калеснікава заявіла:

“Пазбаўленне Людзмілы ліцэнзіі – гэта парушэнне майго права на абарону, ціск на мяне і сістэматычнае супрацьдзеянне ў аказанні мне юрыдычнай дапамогі”.

Нягледзячы на моцны ціск збоку ўлады, Марыя Калеснікава працягвае звяртацца ў Дэпартамент выканання пакаранняў, Міністэрства юстыцыі і Генеральную пракуратуру са скаргамі адносна ўмоў утрымання  і па пытаннях сваёй крымінальнай справы. У пачатку сакавіка 2021г. стала вядома, што Марыя Калеснікава атрымала Міжнароднаю жаночаю прэмію за адвагу, якую з 2007 году штогод уручае Дзяржаўны дэпартамент ЗША.

Святлана Ціханоўская звярнулася да міжнароднай супольнасці, лідараў грамадскай думкі, дзеячаў культуры і палітыкаў з просьбай выказаць 8 сакавіка 2021г. салідарнасць з адважнымі беларускімі жанчынамі і падтрымаць Беларусь у гэты дзень. 8 сакавіка яна павіншавала беларусак з Міжнародным жаночым днём у відэазвароце:

“Жанчыны заўсёды рабілі для Беларусі вельмі шмат, але за апошні год беларускі здзейснілі немагчымае. …2020 паказаў, што нашай любові і сіл хопіць на ўвесь свет. Я ўпэўнена, што адзначаючы гэтае свята, сёння ўвесь свет захапляецца менавіта беларускімі жанчынамі ….Я шчаслівая быць адной з вас”.

Вераніка Цапкала ў цяперашні час узначальвае Беларускі жаночы фонд, арганізацыю па дапамозе і падтрымцы беларускіх жанчын. Па ініцыятыве фонда 1 сакавіка была абвешчана акцыя URGENT APPEAL, у якой прадстаўнікі фонду заклікаюць да неадкладнага вызвалення ЎСІХ палітычных зняволеных у Беларусі, іх рэабілітацыі, кампенсацыі шкоды і прыцягненню да адказнасці ўсіх датычных да гэтага. Яны звяртаюцца да сваіх паплечнікаў па глабальнаму жаночаму руху, палітыкаў, праваабарончых груп, палітычных і грамадскіх актывістаў.

Акцыя ў Вене. 7 Сакавіка

7 сакавіка 2021г. беларуская Дыяспара арганізавала ў Вене акцыю прысвечаную Міжнароднаму жаночаму дню. Актывісты прынеслі 38 фотаздымкаў з імёнамі і хэштэгам Беларускага жаночага фонду #FreeBelarusWomen. Была расказаная гісторыя кожнай з 38 палітычна зняволеных у Беларусі жанчын. У акцыі прынялі ўдзел парламентарый ад партыі NEOS д-р Хельмут Брандштэттэр і член Еўрапейскай кіруючай партыі ÖVP маг. Лукас Мандль.

Акцыя ў Вене. 14 Сакавіка

Наступная акцыя салідарнасці з хэштэгам #WomenPowerOfBelarus, які прапанаваў Каардынацыйны савет, прайшла ў Вене 14 сакавіка. Акцыя пачалася перформансам, дзе дзяўчаты ў масках з чорнымі крыжамі прадстаўлялі палітвязняў: Марфу Рабкову, Марыю Калеснікаву, Алану Гебремаріам, Ксенію Луцкіну, Кацярыну Андрэеву, Дар’ю Чульцову і Яну Арабейка. Потым былі прачытаны гісторыі гэтых жанчын.

На акцыю прыйшлі аўстрыйскія палітыкі: парламентарый ад партыі NEOS д-р Хельмут Брандштэттэр, генеральны сакратар Пан-Эўропа Райнхард Клочек, прадстаўнікі арганізацый Vienna Goes Europe, JUNOS i партыі NEOS. Хельмут Брандштэттэр прыняў удзел у чытанне гісторый і заявіў, што ўсе палітычныя зняволеныя павінны быць неадкладна вызваленыя.

З Граца прыехалі беларускія пісьменнікі Альгерд Бахарэвіч і Юлія Цімафеева. Юлія прачытала ўрывак з новай кнігі-дзённіка «Дні ў Беларусі», надрукаванай у Швецыі. У ёй расказваецца пра тое, што адбывалася ў краіне ў дні пасля выбараў у 2020 годзе. Альгерд падзяліўся сваім бачаннем сітуацыі ў Беларусі і выказаў надзею, што Еўропа будзе актыўна падтрымліваць дэмакратычную Беларусь.

Удзельнікі акцыі разам з далучыўшыміся да яе прахожымі падпісвалі паштоўкі для Дар’і Чульцовой і Кацярыны Андреевой і ўпрыгожвалі іх з дапамогай трафарэтаў беларускіх нацыянальных узораў. Як заўсёды вялікі поспех мела мабільная выстава пратэснага мастацтва і фатаграфій. Плакат «Радзіма, Маш заве!» нават папрасілі прадаць. Прахожыя атрымлівалі ў падарунак белыя і чырвоныя кветкі, загорнутыя ў лістоўку з інфармацыяй пра становішча ў Беларусі.

Amnesty International

Беларусаў у Аўстрыі актыўна падтрымлівае міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International.

У прэс-рэлізе праваабаронцы Amnesty International адзначылі, што жаночыя арганізацыі Беларусі падвяргаюцца асаблівым, спецыфічным праследаваннем. Суразмоўніцы Amnesty International, якіх арыштоўвалі падчас пратэстаў у Беларусі, расказвалі, што пры допытах сілавікі абвінавачвалі іх у тым, што яны «дрэнныя маці», што яны «дрэнныя жонкі», таксама ўлады пагражалі забраць у іх дзяцей. Аіша Джанг, старшы кіраўнік кампаній Amnesty International па Беларусі заклікала да салідарнасці з жанчынамі Беларусі ў іх барацьбе за свабоду і правы чалавека.

З нагоды Міжнароднага жаночага дня Amnesty International арганізавала on-line сустрэчу з Юліяй Міцкевіч, якая з’яўляецца членам Каардынацыйнай рады апазіцыі. За сваю палітычную дзейнасць Юлія адбыла 15 сутак у СІЗА Жодзіна ва ўмовах, якія яна назвала катаваннем.

13 сакавіка Amnesty International правяла ў Вене акцыю з інфармацыйным стэндам, перформансам і музычным суправаджэннем, прысвечаную Міжнароднаму жаночаму дню. На працягу акцыі былі сабраныя 292 подпісы за жанчын з розных краін, у тым ліку і з Беларусі, прысуджаных да турэмнага зняволення за ўдзел у барацьбе за правы чалавека. У гэтай акцыі таксама прыняла ўдзел беларуская дыяспара.

Грамадскі рух Пан-Эўропа

У сваёй заяве з нагоды Міжнароднага жаночага дня грамадскі рух Пан-Эўропа звярнуў увагу Аўстрыі на жанчын Беларусі, якія змагаюцца за свабоду і дэмакратыю. Лізавета Ульм, віцэ-прэзідэнт Пан-Эўрапейскага руху Аўстрыі сказала:

“Гэтыя жанчыны і іх лёс заслугоўваюць значна большай увагі і салідарнасці, бо яны адстойваюць каштоўнасці Еўрапейскага Саюза – грамадзянскую свабоду і дэмакратыю”.

Яе дапоўніла член Венскага парламента і Праўлення Пан-Эўрапейскай моладзі Аўстрыі Караліна Хунгерлэндэр:

“Эўразвяз мае патрэбу ў выразным знешнепалітычным адказе супраць самаўпраўнасці ўлады ў Менску і павінен змагацца з гэтым рэжымам на міжнародным узроўні!”

Neubauer Grüne

Член акруговага савету аўстрыйскай партыі Neubauer Grüne Каці Шнебергер таксама падтрымала беларускіх жанчын:

“Жаночы дзень 2021 года я прысвячаю адважным жанчынам Беларусі, якія рызыкуюць сваёй свабодай і здароўем дзеля дэмакратыі і правоў чалавека”.