Упершыню публікуючы той ці іншы тэкст, аўтар заўжды мусіць разумець, што з гэтага моманту ягоны твор пачынае жыць сваім уласным жыцьцём. Верш “Вось яны, а вось мы” я напісаў у канцы жніўня 2020 году ў Менску, каля мэтро “Пушкінская”, побач з народным мэмарыялам Аляксандру Тарайкоўскаму. Сканчаўся першы месяц Беларускай рэвалюцыі. Гэта быў велічны, страшны і прыгожы час, мы былі жывымі сьведкамі і ўдзельнікамі ўсіх тых падзей, якія назаўсёды зьмянілі краіну. Было зразумела, што 9 жніўня жыцьцё кожнага з нас падзялілася да “да” і “пасьля”. У тыя дні я задыхаўся ад неабходнасьці выказаць тое, што мы ўсе адчуваем. Шалёны пульс паўсталага супраць несвабоды бел-чырвона-белага Менску вызначаў наш жыцьцёвы і творчы рытм. Я вырашыў, што ня варта ў гэтыя дні баяцца патасу і шчырасьці — і запосьціў верш у Фэйсбуку. На яго прыйшлі сотні водгукаў. І я зразумеў, што гэты верш (ня самы ўдалы і ня вельмі тыповы для мяне) больш мне не належыць. Я бачыў цытаты зь яго на вулічным плякаце і на адзеньні, мяне прасілі начытаць яго для фільма пра нашу рэвалюцыю і для міжнародных дыскусій пра Беларусь. Верш быў перакладзены на расейскую мову Генадзем Канеўскім і на ўкраінскую Вячаславам Лявіцкім. Потым былі поўны надзей верасень, вар’яцкі кастрычнік, змрочны лістапад… Менскія вуліцы пашарэлі. Пачалася сапраўдная вайна, тая самая вайна, пра якую вядзецца ў вершы. Вайна, якую група ўзброеныя бандытаў вядзе супраць мірных і таленавітых людзей. Напярэдадні зімы нас зь Юляй Цімафеевай запрасілі ў Грац. Я страціў маральнае права пісаць пра менскую зіму. Але напісанае застаецца. Ні тое менскае лета, ні тая менская восень ужо не забудуцца. Я быў вельмі зьдзіўлены, калі пачуў свой — а можа, ужо і не зусім свой — верш у выразным і кранальным выкананьні беларусаў Аўстрыі, пра якіх я раней ня меў ніякага ўяўленьня. Іх чытаньне мяне вельмі ўзрушыла. Я дзякую ўсім суайчыньнікам, якія жывуць тут, за іх трывогу, іх неабыякавасьць і іх боль, выказаць якія сьвету, спадзяюся, крыху дапамаглі мае сьціплыя, напісаныя ў жніўні радкі.
Альгерд Бахарэвіч