26 красавіка 1986 года адбылася аварыя на Чарнобыльскай АЭС. Наступствы самай буйной катастрофы ў гісторыі мірнага атама спецыялісты з усяго свету ліквідуюць да гэтага часу.

Source: Wikipedia
У выніку канструктыўных недахопаў і чалавечых памылак адбыўся выбух у актыўнай зоне ядзернага рэактара атамнай электрастанцыі. Радыёактыўнае забруджванне прыкладна ў 400 разоў пераўзыходзіла па сваім аб’ёме атамную бамбардзіроўку Хірасімы. Асноўны выкід радыёнуклідаў працягваўся на працягу 10 сутак.
Пры ўстанаўленні прычын аварыі выявілі, што акрамя тэхнічных праблем, недасканаласці самога рэактара, існаваў і чалавечы фактар, які выяўляўся ў грубых парушэннях рэжыму працы рэактара і ўтойваньні саміх парушэнняў.
Акрамя жахлівай катастрофы, не менш страшным было і тое, як савецкая ўлада «спраўлялася» з яе наступствамі. На ліквідацыю аварыі прыцягвалі людзей, якія не былі абвешчаныя аб маштабе катастрофы. Страты ад катастрофы маглі б быць значна меншымі, калі б улады ўзялі на сябе смеласць адразу распавесці аб тым, што здарылася, ўсяму свету і, перш за ўсё, мясцоваму насельніцтву. «Ёднага ўдару», які атрымалі мільёны людзей у выніку ўздзеяння радыеактыўнага ёду на шчытападобную залозу, можна было б пазбегнуць. Адбывалася наўмыснае замоўчванне фактаў і пераменшванне маштабаў трагедыі.
З усіх краін, якія закранулі наступствы катастрофы, у працэнтных суадносінах Беларусь пацярпела больш за ўсіх.
З 1989 года апазіцыя ў Мінску праводзіла шэсця Чарнобыльскі Шлях, прысвечанае трагедыі. Гэта стала традыцыяй у наступныя гады. Калі людзі будуць памятаць пра тое, што можа адбыцца, будуць гатовымі гэта прадухіліць, то тым менш верагоднасць паўтарэння. 26 красавіка стаў днём памяці аб тых, хто ліквідаваў наступствы аварыі, і заклікам ўлічваць ўрокі Чарнобыля.

Source: Уладзімір Сапагоў
У многіх краінах сотні беларусаў, як і іншых грамадзян, праводзяць мерапрыемствы, прысвечаныя трагедыі на Чарнобыльскай АЭС.

Адна з такіх яркіх акцый прайшла ў Аўстрыі напярэдадні памятнай даты. У Вене адбыўся мэмарыяльны мітынг з нагоды 35–годдзя Чарнобыльскай катастрофы. Мэтай акцыі было азнаёміць мясцовую грамадскасць з гэтай трагічнай датай і заявіць ўслых, што такая катастрофа, як Чарнобыль, больш ніколі не павінна паўтарыцца, і што ядзерная энергія ў руках дыктатара ўяўляе небяспеку для ўсяго свету. Жалобная імпрэза суправаджалася гукам звана, як гэта было ў 1989 годзе на самым першым Чарнобыльскім Шляху ў Менску.

У гэтым годзе ў Мінску Чарнобыльскі Шлях быў забаронены. Дыктатарская ўлада не хоча здабываць урокі з страшных памылак мінулага.

Зараз у Беларусі ўводзяць у эксплуатацыю першую атамную электрастанцыю, размешчаную ў Астраўцы, непадалёк ад мяжы з Літвой. АЭС складаецца з двух энергаблокаў агульнай магутнасцю да 2400 МВт. У ходзе будаўніцтва было шэраг парушэнняў, якія спрабавалі замоўчваць. Пасля запуску першага энергаблока ў 2020 годзе інфармацыя пра АЭС не стала больш адкрытай.

Чарнобыльская АЭС – 1986 год
Фукусіма-1 АЭС – 2011 год
Астравецкая АЭС – ?