35-годзе аварыі на Чарнобыльскай АЭС
Беларусь – гэта краіна, якая ў найбольшай ступені пацярпела ў страшнай тэхнагеннай катастрофы 20га стагоддзя, якая здарылася 35 гадоў таму назад на Чарнобыльскай АЭС.
Чарнобыльскі шлях — штогадовае шэсце 26 красавіка ў Мінску і ў рэгіёнах Беларусі, прымеркаванае да гадавіны катастрофы на Чарнобыльскай АЭС у 1986 годзе.
Упершыню прайшоў у 1989 годзе. «Чарнобыльскі шлях» адпачатку быў апазіцыйны да камуністычнай улады, якая хавала праўду пра катастрофу, ігнаравала праблемы людзей. У першыя некалькі год незалежнасці шэсце ладзілася як акцыя памяці. Калі ж да ўлады прыйшоў Аляксандр Лукашэнка, акцыя набыла характар пратэсту супраць ягонага кіравання.
30 верасня 1989 года ў Мінску адбылося несанкцыянаванае шэсце і мітынг «Чарнобыльскі шлях», арганізаваны па ініцыятыве БНФ. Савецкія ўлады Беларускай ССР прызначылі на гэты дзень суботнік, але ў мерапрыемстве прынялі ўдзел каля 30 тысяч чалавек, якія прайшлі ад Мінскага гадзіннікавага завода праз цэнтр горада і правялі мітынг на тагачаснай плошчы імя Уладзіміра Леніна (сёняшняя плошча Незалежнасці).
26 красавіка 1996 г. прайшоў самы буйны «Чарнобыльскі шлях», прымеркаваны да 10-годдзя катастрофы. Ён стаўся найбольш напружаным пунктам «Мінскай вясны — 96». Удзельнічала каля 50 тыс. чалавек, якія прайшлі шэсцем па праспекце Францішка Скарыны ад Акадэміі навук і правялі мітынг. Адбываліся шматлікія бойкі з міліцыяй, арышты палітычных і грамадзянскіх актывістаў — усё пад лозунгамі пратэсту супраць палітыкі А. Лукашэнкі. Дэманстранты былі лакалізаваныя дзеяннямі АМАП, было затрымана вельмі шмат удзельнікаў. Сярод арыштаваных былі актывісты партыі БНФ.
Лідар партыі БНФ Зянон Пазняк пасля акцыі выехаў з краіны. Тады ж частка супрацоўнікаў музею Максіма Багдановіча, дзе дырэктарам працаваў Алесь Бяляцкі, пачала дапамагаць арыштаваным і іх сваякам. Так узнік праваабарончы цэнтр «Вясна».
Галоўным аб’ектам шэсця “Чарнобыльскі Шлях” звычайна з’яўляецца вялізны звон. Яго гучанне павінна напамінаць пра небяспечнасць атамных станцый, якія могуць выбухнуць у любы момант, пад націскам прыроднай стыхіі, як гэта здарылася ў Фукусіме, ці ў выніку слабасці людзей, якія знаходзяцца ў складаных стрэсавых абставінах, як гэта было 35 гадоў таму ў Чарнобыле.
“Чарнобыльскі шлях” – гэта папярэджанне чалавецтву, што няма ў свеце надзейных АЭС.
Пастаянна ўзмацняючыся палітычныя рэпрэсіі ў Беларусі, распачатыя пасля прэзідэнцкіх выбараў 9 жніўня 2020 года, вядуць да эканамічнага заняпаду і дэстабілізацыі. Неўраўнаважаны дыктатар, які сілай утрымлівае ўладу, губляе давер насельніцтва Беларусі і стварае няўпэўненасць наконт праўдзівасці інфармацыі пра стан АЭС у Астраўцы. А таксама параджае ў людзей страх, што сваім загадамі і распараджэннямі нелегітымны Лукашэнка можа справакаваць яшчэ адну атамную катастрофу.
Дэманстрацыя “Чарнобыльскі Шлях” сёлета ў Беларусі была забаронена. Дыктатарскі рэжым нават не дазволіў запаліць свечкі каля беларускіх храмаў у памяць ахвярам Чарнобыльскай аварыі. Затое адбыліся шматлікія акцыі ў гарадах усяго свету, арганізаваныя беларускімі дыяспарамі.
Акцыя “Чарнобыльскі Шлях” у Вене
Акцыя “Чарнобыльскі Шлях” прайшла 25 красавіка на Грабане каля Чумнай калоны. Арганізатары акцыі падрыхтавалі перформанс, каб напомніць аб страшнай трагедыі, што здарылася 35 гадоў таму.
Перформанс
У цэнтры знаходзіцца “рэактар– размаляваная торба ў жоўта-чорные колеры як знак небяспекі павышанай радыяцыі. Вакол “рэактара” стаяць людзі ў жоўтых плашчах – супрацоўнікі Чарнобыльскай станцыі. Астатнія ўдзельнікі з’яўляюцца звычайнымі людзьмі. Гучыць сірэна, далей гук выбуху рэактара. Падыходзяць ліквідатары ў процівагазах і ахоўных камбінезонах. Людзі ў жоўтых плашчах падаюць, а астатнія застываюць у неразуменні і жаху. Уключаецца гук лічыльніка радыяцыі, які працуе на самай высокай частаце. 35 год назад такія лічыльнікі адмералі смяротныя дозы, што ў сотні разоў перавышалі дапушчальныя нормы. Смяротная радыяцыя ўздымалася ў паветра і ляцела з тэрыторыі Ўкраіны, дзе знаходзіцца Чарнобыль, убок Беларусі. Пасля гукаў лічыльніка на акцыі пачынае гучаць сумная трагічная музыка ў памяць пра тых, хто загінуў, згубіў здароўе, страціў жыллё і на доўгія гады апынуўся ў стане напружання і некантралюемай небяспекі.
Акцыя “Чарнобыльскі Шлях” прайшла з плакатамі і выступамі па тэме Чарнобыля і Астраўца. На ей прысутнічалі аўстрыйскія палітыкі – сябры аб’яднання VIENNA goes EUROPE Каці Шнебергер і Дзітмар Піхлер. Дзітмар Піхлер таксама прыняў удзел у перформансе ў ролі ліквідатара.
На акцыі ўпершыню з’явіўся вялізны бел-чырвона-белы сцяг, які ўражваў прахожых, і трапіў на шматлікія фотаздымкі і відэа.
Былі прачытаны ўрыўкі з кнігі «Чарнобыльская малітва. Хроніка будучыні» нобелеўскай лаўрэаткі, беларускай журналісткі і пісьменніцы Святланы Алексіевіч. Кніга апісвае трагедыю шматлікіх людзей, дае іхняя ўражанні і гісторыі аб тым, як аварыя паўплывала на іхняе жыццё.